Прыродная спадчына Дубровеншчыны


          Дубровенскі раён размешчаны на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці.

          Мяжуе з Аршанскім раёнам Віцебскай вобласці, Горацкім — Магілёўскай вобласці Рэспублікі Беларусь, Краснінскім і Руднянскім раёнамi Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

          Раённы цэнтр — горад Дуброўна, які знаходзіцца за 90 км ад Віцебска і 230 км ад Мінска. Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль М а с к в а – Б р э с т. А ў т а ма б і л ь н ы м і дарогамі г. Дуброўна злучаны з г. Орша, г.п. Красны, г. Смаленск і іншымі гарадамі. Паўднёвая частка раёна знаходзіцца на Смаленскім узвышшы, на поўначы — Аршанскае ўзвышша і Лучоская нізіна. Найвышэйшая кропка — 226,4 м — на паўднёвым захадзе ад вёскі Ляхаўка.

          Плошча раёна 1,3 тыс. км2 . Пад лесам 19% тэрыторыі, пад сельгасугоддзямі — 62,6%. Карысныя выкапні: 4 радовішчы цагельных глін, залежаў торфу, радовішчы будаўнічых пяскоў. Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, поймавыя і іншыя.

          Па механічным складзе яны дзеляцца на суглінкавыя, гліністыя, супясчаныя, пясчаныя.

          Клімат раёна — умераны кантынентальны. У студзені сярэдняя тэмпература мінус 6–7 градусаў па Цэльсію. Абсалютны мінімум — мінус 44 градусы. У ліпені — каля плюс 17–18 градусаў па Цэльсію. Абсалютны максімум — плюс 36 градусаў па Цэльсію. Вільготнае атлантычнае паветра абумоўлівае высокую адносную вільготнасць паветра зімой (83–91%). Увесну і ўлетку яна зніжаецца да 67–80%. За год выпадае 618 мм ападкаў. На працягу года пераважаюць заходнія вятры, якія прасоўваюцца з боку Балтыйскага мора. Устойлівае снегавое покрыва трымаецца 120–130 дзён — ад першай дэкады снежня да першай дэкады красавіка — гэта самы працяглы паказчык у краіне. Сярэдняя вышыня снегавога покрыва ў недаступных ветру месцах 45 см, на адкрытых плошчах 25–30 см. Сярэдняя глыбіня прамярзання глебы складае 50 см, максімум 70–80 см. Сярэдняя працягласць снегараставання 20 дзён.

          Па тэрыторыі раёна праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Тут працякаюць рэкі Днепр (працягласць у межах раёна 52 км) з прытокамі Мярэя, Расасенка і Задубровенка, 73 дробныя рачулкі і ручаі, ёсць чатыры возеры натуральнага паходжання, адно вадасховішча і сем сажалак. Агульная працягласць воднай сеткі раёна 582,4 км. Штогод з падземных крыніц забіраецца больш за 1,5 мільёна кубічных метраў пітной вады.

          Прыродна-кліматычныя ўмовы спрыяльныя для росту елкі, дуба, хвоі, ясеню, клёну, бярозы, асіны, вольхі і іншых дрэвавых парод.

          На тэрыторыі раёна размешчаны чатыры прыродныя заказнікі мясцовага значэння.