Зніклыя старонкі Дубровенскага летапісу. Гісторыя зніклых вёсак


     Вывучэнне гісторыі роднага краю дае людзям базу для духоўнага станаўлення, для фарміравання правільнага светапогляду, для матывацыі прафесійнай дзейнасці. Краязнаўства з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў работы цэнтральнай раённай бібліятэкі горада Дуброўна. З мэтай збору і захавання інфармацыі аб зніклых вёсках Дубровенскага раёна, папулярызацыі краязнаўчай дзейнасці і выхавання патрыятычных пачуццяў распрацаваны зборнік гісторыі зніклых вёсак “Зніклыя старонкі Дубровенскага летапісу”.

     У зборніку прадстаўлена інфармацыя аб 114 населеных пунктах, аб даце іх узнікнення і адміністрацыйнай прыналежнасці, дададзены матэрыял аб славутасцях і вядомых ўраджэнцах, асветлены значныя гістарычныя падзеі, даты і прычыны знікнення населеных пунктаў. У дадатак да агульнага матэрыялу размешчаны фрагменты картаграфічных дакументаў, на якіх адлюстравана пэўная мясцовасць.

     Для складання буклета быў прааналізаваны матэрыял з кнігі “Памяць. Дубровенскі раён.”, артыкулы з раённай газеты “Дняпроўская праўда”, спісы населеных месцаў Магілёўскай губерніі, прадстаўленыя сайтам Прэзідэнтскай бібліятэкі імя Б.М. Ельцына, даследавана мноства картаграфічных дакументаў і складзены тэрміналагічны слоўнік. Трэба адзначыць, што пры дасканалым вывучэнні картаграфічных дакументаў, можна сутыкнуцца з тым, што назвы населеных пунктаў у розныя гістарычныя перыяды змянялі свой марфемны склад, гэта тлумачыцца ўздзеяннем часавых і гістарычных абставін.

     Дадзены зборнік прызначаны для настаўнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, бібліятэкараў, супрацоўнікаў музея і ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.